Часта ва анлайне страшна выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады навучання. Бо ўжывую можна як-неяк уцягнуць большасць вучняў у дзейнасць. Калі гэта анлайн-урок, то настаўнікі часта баяцца чорных экранаў, што дзеці не ўключацца. Так баяцца, што ўвогуле робяць урокі ў вэбінарным рэжыме, каб зрабіць сітуацыю больш бяспечнай і камфортнай для сябе.
Але ёсць добрыя навіны: калі вы плануеце ўрок ад вучня, ад мэтаў, то ўжо сам гэты падыход падштурхоўвае да інтэрактыўнасці. Калі вы запаўнялі табліцу ў шостай главе, то спачатку прапісывалі практычныя заданні, якія дазваляюць сфарміраваць навыкі. А толькі потым планавалі тэорыю, якая для гэтага спатрэбіцца. То-бок ужо на этапе планавання вы паставілі ў цэнтр навучання дзіцяці і яго ці яе дзейнасць, а не настаўніцкае тэарэтычнае баўбатанне.
Практычныя заданні лепш за ўсё рэалізуюцца анлайн праз узаемадзеянні: ці паміж вучнямі (па парах ці ў малых групах), ці паміж вучнямі і настаўнікам. Ва анлайне ёсць яшчэ накірунак узаемадзеяння: вучань – кампутар. Сюды можна аднесці любыя віктарыны, квізы, квэсты, рэбусы, сервісы пабудовы ментальных карт і гэтак далей.
Калі вы плануеце ўрок, то паспрабуйце адказаць на пытанне: колькі часу ўрока будуць актыўныя ўсе дзеці, а дзе плануецца толькі мая дзейнасць? Можна прыблізна вылічыць гэтыя долі. Яны і дадуць уяўленне ад тым, наколькі актыўна і інтэрактыўна пабудаваны ўрок.
Добрая ідэя – чаргаваць розныя віды інтэрактыўных заданняў у межах аднаго ўрока і ўсяго курса. Гэта азначае, што закладаюцца і гарызантальныя ўзаемадзеянні (у парах, групах), і кантакт з настаўнікам, і індывідуальная ці групавая праца над анлайн-заданнямі.