Абярыце сваю любімую
Катэгорыю І пачынайце навучанне.

Змест курса
Уводзіны. Чытанне як сатворчасць. “Штампаваны” Быкаў
Стэрэатыпы, звязаныя з творчасцю Васіля Быкава, пераследуюць чытача ўсё свядомае жыццё. “Быкаў піша пра вайну”, “ваенны пісьменнік”, “пра вайну і вёску”, “лейтэнанцкая проза”, “псіхолаг вайны” - шчэ не чытаўшы чарговай кнігі Васіля Быкава, мы ўжо гатовыя дакладна акрэсліць яе асаблівасці. Шчэ да пачатку чытання мы выбудоўваем вузкі танэль, па якім будзе рухацца нашае ўспрыняцце. Так мы губляем галоўнае: магчымасць сапраўды прачытаць тэкст. У гэтых Уводзінах мы паспрабуем разабрацца, навошта ўвогуле мы чытаем кнігі - і як варта гэта рабіць. На выкананне заданняў модуля вам спатрэбіцца калі гадзіны часу - і адразу пасля яго пачынайце чытаць тэкст аповесці, каб падысці да наступнага модуля ўжо з першымі ўражаннямі ад прачытанай кнігі.
0/4
Працоўны сшытак курса “Як чытаць твор Васіля Быкава “Знак Бяды”
0/1
Аўтар – прастора – час
У гэтым модулі мы паспрабуем уявіць сабе рэальны (а не мастацкі) гістарычны кантэкст, у якім існуе аповесць. Такі кантэкст складаецца з агульнай гісторыі краіны, якая так ці іначай уплывае на кола тэам і праблем твора, а таксама з прыватнай гісторыі аўтара - ягонай біяграфіі. Суплёт гэтых шырокага і вузкага гістарычных кантэкстаў нараджае тое сэнсавае і фактычнае поле, у якім будзе існаваць думка аўтара. Выкананне заданняў модуля зойме каля 3-4 гадзін.
0/7
Аўтар і яго тэкст. Аўтар і яго персанажы
Мы пераходзім да павольнага чытання. Калі раней мы атрымалі першыя ўражанні ад аповесці, сфармавалі і спраўдзілі альбо зняпраўдзілі свае чаканні, зразумелі сюжэт і пазнаёміліся з персанажамі - цяпер мы пачынаем учытвацца ў словы і сказы, заўважаць дробязі, шукаць сімвалы і аўтарскія падказкі, прыхаваныя ў тэксце. Каб не губляць эмацыйнага складніка тэксту, мы дадаем да інтэлектуальных назіранняў назіранні пачуццёвыя, візуальныя, спрабуем асэнсаваць аўтарскую думку не толькі ў словах, але і ў вобразах. На выкананне заданняў модуля вам спатрэбіцца не менш за 2 гадзіны.
0/5
Чытач і тэкст
У гэтым модулі мы пачынаем інтэрпрэтаваць, то бок дадаваць да аўтарскіх словаў свае думкі. Цяпер яны складаюцца не з агульных уражанняў ці нашага асабістага досведу, а абапіраюцца на гістарычны кантэкст (агульны і прыватны), на аўтарскі стыль, на падказкі, зробленыя аўтарам. Наша задача - не адрывацца ад тэкста, не сыходзіць у сваіх інтэпрэтацыях далёка ад аўтара, але і не абмяжоўваць сваіх магчымасцяў у расшыфроўцы тэкста. На гэты модуль адвядзіце сабе каля 2 гадзін. 
0/5
Спачатку было слова… а потым кіно
Нарэшце мы гатовыя пазнаёміцца з чужой інтэрпрэтацыяй Быкаўскай аповесці: з інтэпрэтацыяй рэжысёра і акторскага калектыва. Любое кіно - гэта не літаральны “здымак”, гэта пераасэнсаванне, гэта чужое прачытанне. Мы ўжо умеем аддзяляць аўтарскую думку ад сваёй, цяпер важна адчуць і усвядоміць думку трэцяга чытача - рэжысёра кінафільма. Разам з праглядам стужкі на выкананне заданняў модуля вам спатрэбіцца каля 4 гадзін.
0/3
Эпілог для чытача
Здаецца, цяпер мы гатовыя сабраць свае ўражанні і думкі ў агульную карцінку. У гэтым модулі мы згадаем вывучанае і зноў звернемся да матэрыялаў, якія стварылі вы самі, праходзячы заданні курса. Мы складаем пазл - і спрабуем зразумець, ці адрозніваецца цяпер “наш Быкаў” ад Быкава школьнага, стэрэатыпнага. Да якіх бы высноў вы не прыйшлі - у любым выпадку вы будзеце мець рацыю, бо цяпер вашая думка абгрунтаваная пільным, уважлівым чытаннем з апорай на тэкст. Хутчэй за ўсё, вы справіцеся з заданнямі гэтага модуля за 3 гадзіны, але мы спадзяемся, што гутарка з аповесцю не скончыцца для вас яшчэ доўгі час. 
0/4
Вучымся чытаць эпас. “Знак бяды” Васіля Быкава

Час і людзі не шмат чаго пакінулі ад колішняй хутарской сядзібы, рэшткі якой спакваля праглынула зямля і развеяў вецер. Дзе-нідзе толькі выглядвалі на паверхню яе скупыя адзнакі: вуглавы камень падмурка, прытаптаны бугор бітай цэглы ды дзве гранітныя прыступкі каля былога ўвахода ў сені. Прыдарожныя гэтыя камяні ляжалі на тым самым месцы, што і сто год назад, і дробныя рудыя мурашы, якія недзе паблізу аблюбавалі сабе прыстанішча, дзелавіта снавалі па ніжняй прыступцы. Алешнік з рова, адхапіўшы добрую частку хутарскога поля, падступіў да самай сядзібы, на месцы істопкі па-царску разросся густы куст шыпшыны сярод буйных зараснікаў дзядоўніку, крапівы і малінніку. Ад калодзежа нічога не засталося, зруб, пэўна, згніў або яго расцягалі людзі, вада, апынуўшыся без патрэбы, знікла ў глыбіні зямлі. На рагу колішняй хаты неўпрыцям вылезла з пустазелля калючая дзічка-груша – можа, парастак ад колішніх груш-спасовак, а можа, выпадковая самасейка, занесеная з лесу птушкамі.

З дарогі, ад гасцінца, мала што выдавала тут былую сядзібу, хіба што адна з дзвюх ліп, якія колісь раскашавалі абапал варотцаў на ўездзе. Другой даўно не было, а гэтая, што засталася, мела жахлівы выгляд: абгарэлая і аднабокая, з тоўстым каржакаватым камлём, у якім зеўрала шырокая шчыліна дупла, яна незразумела як трымала на сабе некалькі тоўстых галінастых сукоў. Птушкі, якія часам прыляталі з лесу, чамусь ніколі не апускаліся на яе голле, лепей садзіліся на рослы алешнік побач. Вароны, магчыма, памяталі нешта, а можа, сваім птушыным інстынктам адчувалі ў гэтым знявечаным дрэве злую прыкмету няшчасця, знак даўняй бяды. Зрэшты, знак гэты ляжаў тут на ўсім: на скупых рэштках сядзібы, зарасніках дзядоўніку і крапівы, якія буйна раскашавалі ў спакоі, на самазадаволенай непрыступнасці калючай шыпшыны і нават мізэрнай, з пакручастым голлем дзічцы. І толькі маладая тоненькая ліпка, што зусім нядаўна выкінула да сонца лічаныя свае лісточкі, у сваёй безабароннай адвазе здавалася госцяй з іншага свету, увасабленнем надзеі і другога, інакшага, жыцця.

Напэўна, усё астатняе належала тут мінуламу, скаронаму тленам і небыццём.

Усё, апроч непадуладнай часу, цярплівай і негаваркой чалавечай памяці, надзеленай спрадвечнаю здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым.

Далучыцца да размовы.