- Заўважце, як насычана выглядае мастацкая прастора ўступа: скрупулёзна прапісаныя ўсе рэчыўныя аб’екты, якія трапляюць у поле чытацкага зроку: вуглавы камень падмурка, бугор бітай цэглы, гранітныя прыступкі (яны названыя двойчы – прыступкі і прыдарожныя камяні), алешнік з рову, куст шыпшыны – калі ласка, працягніце шэраг, уважліва фіксуючы кожную дэталь.
- Адзначце мастацкі час уступа: ці роўны ён падзеям самой аповесці? Ці можам мы больш ці менш дакладна акрэсліць, у які момант чытач разам з аўтарам аглядаюць рэшткі старой сядзібы?
- Давайце ўзгадаем імёны гаспадароў сядзібы: Пятрок і Сцепаніда. Імёны гэтыя, як часта бывае ў харошай кнізе, невыпадковыя.
Пётр – імя аднаго з біблейскіх апосталаў, імя ягонае перакладаецца як “камень”, менавіта такі сэнс укладаў у гэтае імя Хрыстос, калі называў аднаго з апосталаў: “І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азначае: камень (Пётр)” (Ян 1:42, пераклад В.Сёмухі). Апосталы Пётр і Павел – “кутнія камяні” хрысціянскай царквы.
Сцепаніда – народная форма імені “Стэфанія”, гэтае ж імя паходзіць ад грэчаскага слова “Стэфанос”, вянец. Заўважце: не вянок, упрыгожанне з кветак, а менавіта вянец, сплецены з калючых раслін – у напамін аб цярновым вянцы Хрыста.
Перачытайце яшчэ раз уступ альбо свае выпісы з рэчыўнымі дэталямі мастацкай прасторы. Ці знойдзеце вы сярод рэшткаў былой сядзібы дэталі, якія відавочна нагадваюць нам пра Петрака (камень) і Сцепаніду (вянец)?
4. Паразважайце над іншымі дэталямі прасторы: калодзеж з чыстай, але зніклай пад зямлёю вадой, шырокі гасцінец, сцежка ад яго да хутара, сама сядзіба, што стаіць быццам бы асобна, але на скрыжаванні, брама, груша-дзічка і маладзенькая ліпа. Калі б мы намалявалі такую прастору, вылучыўшы акцэнтамі гэтыя дэталі – што б яна магла сімвалізаваць для выпадковага і невыпадковага гледача? Замалюйце схематычна план былой сядзібы згодна з уступам – дадайце да яго дэталі з наступных глаў.
- Перачытайце яшчэ раз уступ “іншым вокам”, маючы на ўвазе папярэднія разважанні. Ці змянілася вашае ўспрыманне будучага тэкста і якімі сталі вашыя чытацкія чаканні?